ЗАБЕ́ЛЬСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 18 ст. ў Забельскім дамініканскім калегіуме (в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.). Меў багаты разнастайны рэпертуар, створаны мясц. аўтарамі — выкладчыкамі паэтыкі і рыторыкі; яго спектаклі былі асветніцкія па змесце і класіцыстычныя па форме. Росквіт т-ра прыпадае на 1787—91, калі на чале калегіі стаялі Ч.Папроцкі (да 1788) і К.Вяшчыцкі. У гэты перыяд пастаўлены трагедыя на польск. мове «Свабода ў няволі» і бел.польск. «Камедыя» К.Марашэўскага, польск. трагедыя «Сапар» і камедыя «Доктар па прымусе» М.Цяцерскага (перапрацоўка аднайм. п’есы Мальера); у 1789 — польск. трагедыя «Крэз» і камедыя нораваў «Пышнагольскі» І.Юрэвіча і інш. Выконваліся таксама дыялогі — судовая забаўка «Пчолы», школьная гульня «Пра ашчасліўленне чалавека», вершаваныя віншаванні і падзякі на польск. і лац. мовах.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 320—324.
т. 6, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)